Пад Мінскам адкрыўся цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны

— Наша дэлегацыя ў лістападзе мінулага года наведала Кітай, — расказаў галоўны ўрач установы аховы здароўя Андрэй Каролька. — Мы змаглі на ўласныя вочы ўпэўніцца ў эфектыўнасці метадаў, якія выкарыстоўваюць кітайскія ўрачы. І ў межах пагаднення паміж нашымі краінамі адкрылі такі цэнтр.

Прадстаўнік Упраўлення кітайскай народнай медыцыны правінцыі Чжэцзян і галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Каролька.

Для пацыентаў, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, пры абследаванні і наяўнасці паказанняў дапамога будзе аказвацца на бюджэтнай аснове. Амбулаторныя наведнікі таксама могуць запісацца на прыём і пасля стандартнага абследавання атрымаць платнае лячэнне. На працягу двух тыдняў кітайскія спецыялісты праводзяць майстар-класы для беларускіх калег, у тым ліку і для тых, якія прайшлі адпаведныя курсы ў Кітаі. Кіраўніцтва бальніцы плануе таксама накіраваць сваіх урачоў у цэнтры традыцыйнай кітайскай медыцыны правінцыі Чжэцзян для атрымання неабходнай кваліфікацыі.

Цэнтр створаны на базе аддзялення медыцынскай рэабілітацыі. У ім пяць асобных памяшканняў з працэдурнымі кабінетамі. Закуплена таксама сучаснае абсталяванне, зроблены рамонт, падрыхтаваны персанал. Штодзень тут плануецца прымаць да 50 чалавек. Распрацаваны ліст чакання, і ўсе ахвотныя змогуць у кароткі тэрмін прайсці абследаванне і лячэнне.

Асноўныя метады аздараўлення — праграванне, традыцыйны кітайскі масаж, іголкаўколванне (акупунктура). Акрамя таго, у Беларусі паспяхова прымяняецца і лазерапунктура з дапамогай прыбораў айчыннай вытворчасці.

Як адзначыў Андрэй Каролька, цяжэй сказаць, дзе традыцыйную кітайскую медыцыну прымяняць нельга. У ліку супрацьпаказанняў цяжкія інфекцыйныя, анкалагічныя захворванні. А наогул кітайскія метады добра дапамагаюць пры хваробах пазваночніка, суставаў, сасудзістай, рэўматалагічнай паталогіях.

— Традыцыйная кітайская медыцына не з'яўляецца чымсьці новым для жыхароў нашай краіны, — канстатаваў галоўны пазаштатны спецыяліст па нетрадыцыйных метадах лячэння Міністэрства аховы здароўя Беларусі, прафесар, акадэмік Аляксандр Сівакоў. — На кафедры рэфлексатэрапіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі на працягу трыццаці гадоў падрыхтавана дастатковая колькасць спецыялістаў, якія працуюць у розных клініках краіны. Апошнім часам адносіны з КНР у галіне традыцыйнай кітайскай медыцыны развіваюцца даволі плённа. Штогод урад гэтай дзяржавы прадастаўляе магчымасць для стажыроўкі нашых урачоў. На працягу гэтага года такія цэнтры з'явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах.

Па словах Аляксандра Сівакова, метады кітайскай традыцыйнай медыцыны эфектыўныя пры лячэнні самых розных захворванняў: перыферычнай нервовай сістэмы, унутраных органаў, органаў дыхання, страўнікава-кішачнага тракту і іншых, і даказалі сваю эфектыўнасць. З іншага боку, у шэрагу выпадкаў гэтыя метады павышаюць рэзультатыўнасць тых, што ўжо прымяняюцца.

Прадстаўнік упраўлення кітайскай народнай медыцыны правінцыі Чжэцзян выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва з беларускімі калегамі, што дасць магчымасць большасці беларусаў пазнаёміцца з традыцыйнай кітайскай медыцынай.